Новости

Достижения
17.01.2025

30 гадоў поспехаў і інавацый: БДУІР паказаў свае дасягненні на выставе «Мая Беларусь»(+відэарэпартаж)

28 снежня адкрылася выстава «Мая Беларусь», на якой экспануюцца галоўныя дасягненні прамысловасці, навукі, адукацыі і спорту нашай краіны за больш чым 30 гадоў незалежнасці.

Тэхналагічныя вынаходкі Беларусі занялі больш за 30 000 кв.м. новага Міжнароднага выстаўнага цэнтра. Для наведвальнікаў даступна адзінаццаць тэматычных зон: «Знак якасці», «Культурная спадчына», «Мы - будучыня», «Разумны горад», «Прыгожая краіна», «Навука і інтэлект», «Клопат і здароўе», «Спартыўная краіна», «На варце», «Атамная энергія» і «Сельская гаспадарка».

На кожнай з лакацый прысутнічаючь інтэрактыўныя элементы. Можна паспрабаваць сячы дрэвы на сімулятары ці ўбачыць свой пашпарт вачымі беларускіх мытнікаў пад ультрафіялетавай лямпай.



У выставе са сваімі дасягненнямі актыўны ўдзел узяў і наш універсітэт. Высокатэхналагічныя распрацоўкі пададзены на дзвюх пляцоўках: «Мы — будучыня» і «Навука і інтэлект». Убачыць у дзеянні можна будзе навучальны комплекс для вывучэння праграмавання ўбудаваных сістэм на базе мікракантролера STM32; прыладу абароны маўленчай інфармацыі «Прыбой»; комплекс для навучання аператараў беспілотных лятальных апаратаў і іншыя распрацоўкі ўніверсітэта.

Шмат экспанатаў БДУІР інтэрактыўныя. Так, ля ўваходу на лакацыю «Мы — будучыня» дэманструецца праграмнае забеспячэнне для аналізу кліенцкага досведу з выкарыстаннем нейрасетак і сродкаў відэааналітыкі. На выставе прылада падлічвае колькасць наведвальнікаў, колькі часу яны знаходзіліся каля экрана, а таксама паказвае, колькі чалавек зараз знаходзіцца ў кадры.

«У нас ёсць адмысловы рэкорд. У адзін з выхадных дзён нашу пляцоўку наведалі больш за 20 000 чалавек. Гэта падлічыла наша сістэма», — падзялілася інфармацыяй Марыя Баранава, загадчык студэнцкай навукова-даследчай лабараторы БДУІР.

Убачыць дасягненні сучаснай Беларусі ўжывую можна па 26 студзеня ў Мінску. Выстава адкрыта штодня па адрасе вул. П.Мядёлки, 24.




Падрыхтавана прэс-службай
Фота Андрэя Сіняўскага

Назад