Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

1 учебная неделя

Конкурс творчых работ, прысвечаны Году малой Радзімы

У першым семестры 2019-2020 навучальнага года кафедрай агульнаадукацыйных дысцыплін пры падтрымцы ПА ГА «БРСМ» БДУІР было праведзена традыцыйнае ўжо для ўніверсітэта мерапрыемства-конкурс творчых работ па беларускай мове. Прысвяцілі гэтае спаборніцтва Году малой радзімы.
Конкурс творчых работ
Студэнты першага курса ўсіх факультэтаў рыхтавалі творчыя работы (празаічнае эсэ, апавяданне ці паэтычны твор) на любую з шасці прапанаваных тэм (на выбар удзельніка) на роднай, беларускай мове:
1. Мы з вамі дзеці адной гісторыі (У. Караткевіч);
2. Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой (А. Вярцінскі);
3. Ніхто цябе так не шкадуе і не любіць, як маці (С. Грахоўскі);
4. Слова! Яно неабсяжнае, як сусвет (У. Юрэвіч);
5. Чым вякам ты пахвалішся, у вяках чым праславішся, час маторны
і мутарны, электронны, камп’ютарны (А. Грачанікаў);
6. Нашто, скажы мне, ты жывеш і з думкамі якімі? (А. Гарун).
Конкурс творчых работ
Журы конкурсу: выкладчыкі беларускай мовы Н.Я. Пятрова,
Т.П. Дапіра, І.В. Наўроцкая, А.А. Албут.
Каля 400 студэнтаў спрабавалі сябе ў творчым выяўленні сваіх думак. Работы былі самыя разнастайныя па жанрах і стылістыцы. Студэнты БДУІР здолелі раскрыць свае здольнасці, упэўніўшы журы, што будучым інжынерам падуладныя не толькі мовы праграмавання.
Конкурс творчых работ
Неабыякавая таленавітая моладзь і да беларускай мовы, на якой удзельнікі конкурсу выказалі самыя патаемныя свае думкі і разважанні. Некаторыя з іх:
"ты быццам маленькі атам, маленькая клетка, - неверагодна маленькі элемент дзесьці ў велізарным патоку эвалюцыі. Там, наперадзе, табе ўжо будзе дадзены сэнс простых рэчаў, але складаныя яшчэ будуць чакаць і цікавіць цябе. І гэта падштурхоўвае ісці далей, ісці да святла";
"без кахання чалавек проста абдзеленая істота, пазбаўленая сапраўднага жыцця і не здольная разумець іншага чалавека";
"сучасны чалавек пастаянна знаходзіцца ў руху, пад цяжарам нявырашаных пытанняў, неабходнасцю выканання тэрміновых заданняў. Не спыняючыся ні на хвіліну, ён пачынае бег ад сябе, ад праблем, ад адзіноцтва. Няма часу, каб спыніцца, азірнуцца, задумацца, угледзецца і ўслухацца ў сучаснасць";
"мэта - мара з часам выканання. У кожнага чалавека яны ёсць, але адрозненне ў іх маштабе. Зона камфорту - найбольшы вораг чалавецтва. Калі ты не выходзіш за яго межы, ты перастаеш жыць, развівацца, расці";
"едучы ў метро, аўтобусе кожны дзень, я бачу людзей, якія сядзяць у тэлефонах, якім зусім нецікава, што адбываецца вакол іх. Калі нешта здарыцца, яны хутчэй пачнуць здымаць на свой тэлефон, не жадаючы дапамагчы таму, хто мае патрэбу".

Конкурс творчых работ
Сапраўды, з’яўляючыся асноўнай часткай духоўнай культуры, родная мова лічыцца адным з галоўных сродкаў ідэнтыфікацыі асобы. Мова - яшчэ і канал псіхалагічнага, інтэлектуальнага развіцця чалавека, што фарміруе менталітэт, самастойнасць. Новы стан развіцця сучаснага грамадства, вышэйшай адукацыі ў прыватнасці, спрыяюць таму, што ў БДУІР "Беларуская мова, культура маўлення" - больш чым вучэбны прадмет. Гэта таксама магчымасць для студэнтаў раскрыцца, творча праявіць сябе, выказаць уласныя думкі, сцвердзіць сваю індывідуальнасць!
Конкурс творчых работ
Віншаванне пераможцаў конкурсу адбылося ва ўрачыстай перадкаляднай атмасферы з удзелам дэкана ФДПіПА В.М. Бандарыка. Пераможцы ўзнагароджаныя дыпломамі і памятнымі падарункамі. Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін выражае падзяку прарэктару па выхаваўчай рабоце Д.Ф. Кузняцову за падтрымку ў арганізацыі мерапрыемства.
Конкурс творчых работ
Неабходна сказаць усім без выключэння ўдзельнікам: "Дзякуй за працы, за давер сваіх думак, за парады !!!"

І яшчэ хочацца пажадаць усім далейшых перамог у розных творчых мерапрыемствах і конкурсах, шырэйшага раскрыцця сваіх талентаў і здольнасцей!
Конкурс творчых работ
Падрыхтавалі Таццяна Дапіра і Наталля Пятрова