Белорусский Государственный Университет  Информатики и Радиоэлектроники
БГУИР
BSUIR

1 учебная неделя

Конкурс эсэ па беларускай мове

Студэнцтва - гэта самы яркі і незабыўны час жыцця. Захапляльныя лекцыі, першыя навуковыя пошукі, няўрымслівая смелая творчасць ствараюць адзіную, непадзельную плынь. Студэнты БДУІР не толькі рэалізуюць сябе ў тэхнічнай сферы, але і з вялікай асалодай удзельнічаюць у творчых конкурсах і мерапрыемствах.

Так, з нагоды абвяшчэння ў Рэспубліцы Беларусь Года малой радзімы кафедрай агульнаадукацыйных дысцыплін у рамках дысцыпліны "Беларуская мова. Культура маўлення" быў арганізаваны конкурс студэнцкіх эсэ на тэму "Беларуская мова. Навошта асабіста мне…". У конкурсе спаборнічалі студэнты 1-га курса пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры Пятровай Н.Я і выкладчыка Дапіра Т.П. Узнагарода лепшых адбылася 22 красавіка ў святочнай атмасферы з падтрымкай БРСМ.
Конкурс эсэ па беларускай мове
Больш за 70 студэнтаў з розных факультэтаў і спецыяльнасцей спрабавалі сябе ў творчым выяўленні сваіх думак. Работы былі самыя разнастайныя, бо сам жанр эсэ прадугледжвае выражэнне індывідуальнай пазіцыі аўтара, імкненне да самавыяўлення, невялікі аб’ём і вольную кампазіцыю. Кожны ўдзельнік не толькі змог раскрыць тэму, але і ўкласці ў творчую работу часцінку сваёй душы. Некаторыя нават адышлі ад традыцыйных форм, аформіўшы свае думкі ў вершаванай форме.
Конкурс эсэ па беларускай мове
Цікавы сам факт, што менавіта моладзь у сённяшні няпросты для беларускай мовы час выявіла цікавасць да спасціжэння ролі роднай мовы для беларуса, для чалавека. Многія пісалі пра абавязак чуць і ведаць мову сваёй душы, сэрца, памяці. Бо, як сцвярджаў В.Ластоўскі, "кожны народ гаворыць аб дабрэ і зле сваёй мовай, і гэта яго права. Родная мова - гэта мільёны жывых клетачак мозгу, унаследаваных чалавекам ад папярэдзіўшых яго пакаленняў, мільёны перажыванняў красы, дабра і зла, згукаў і форм, несчыслёнае багацце душы…"

Добра ўсведамляць, што, пакуль сучасныя студэнты шчыра ваказваюць уласныя думкі наконт аднаго з асноўных атрыбутаў нацыі, мова беларуская будзе жыць:
Назаранка Даніла, гр. 813802: "Родную мову нельга згубіць у калаўротах жыцця, бо ў сваіх думках мы размаўляем са сваімі продкамі. Але яны не размаўлялі ні па-руску, ні па-англійску. Калі мы не ведаем роднай мовы, мы ствараем нейкую бездань, парываем сувязь паміж пакаленнямі…"

Гарохава Кацярына, гр. 820602: "Мабыць, мову дастаткова прылашчыць, як маленькае кацяня? Супакоіць… Я ведаю, што ты прыгожая. А як жа інакш, бо толькі Беларусь засынае пад калыханку Г. Бураўкіна. Я ведаю, што ты непаўторная. А як жа інакш, бо маё кацяня, прыціскаючыся да рукі, цягне "мяў" нескладовае. Я ведаю… А калі чалавек ведае, ён не прымае сумненняў і нерашучасці…"

Баранаў Ягор, гр. 811102:
Я чую ціхія гукі,
I бачу бяздоннае мора.
Усе нават забылі,
Але я веру,
У беларускае слова.
І спадзяюся, што яно не загіне,
I не будзе выбіта
"Беларуская мова"
На забытай магіле ...

Міленцьеў Уладзімір, гр. 872303: "Я з упэўненасцю магу сказаць, што вывучаю родную мову і карыстаюся ёй (няхай не так часта, як хацелася б) не для кагосьці, а менавіта для сябе. Гаварыць на ёй - асаблівае задавальненнне. Ведаць яе -асаблівы гонар".

Кухараў Уладзіслаў, гр. 811101:
Трэба ганарыцца кожным гукам,
Размаўляць на ёй, чытаць, спяваць,
Каб не сорам паглядзець у вочы ўнукам,
Што не здолелі яе мы захаваць…

Бранцэвіч Аляксандр, гр. 820604: "За гэтыя некалькі год я зразумеў: каб даведацца пра жыццё продкаў, не абавязкова ствараць машыну часу. Кожны раз, самастойна разгадваючы паходжанне слова, я нібыта станаўлюся бліжэй да сваякоў, што жылі сто, дзвесце год таму. Магія? Не. Мова!.."

Марамыгіна Алеся, гр. 810901: "Беларуская мова дапамагае мне адчуць сябе бліжэй да продкаў, праяўляць спрадвечна беларускія рысы характару і стаўленне да жыцця. Я адчуваю сябе раднейшай і бліжэйшай да сваёй «сям'і», чым да «family»…"

Бычкоўская Ульяна, гр. 820601: "Для мяне валоданне беларускай мовай, імкненне знаёміць з ёй замежных гасцей, разуменне неабходнасці данесці яе да іншых пакаленняў з’яўляецца адлюстраваннем маёй асабістай свядомасці грамадзяніна краіны. Можа, дзякуючы і нашым намаганням у тым ліку, нашым нашчадкам выпадзе магчымасць і хопіць настойлівасці адрадзіць беларускасць нашага народа!.."

Кісялёў Мікіта, гр.821702: "Асноўная прычына такога стану беларускай мовы, на мой погляд, хаваецца ў нацыянальным гістарычным бяспамяцтве, у нашай хвалёнай талерантнасці: нам жа так боязна некага пакрыўдзіць, паставіць у няёмкае становішча, загаварыўшы па-беларуску: а раптам чалавек не зразумее ці падумае пра нас нешта нядобрае? Нам прасцей паставіць у няёмкае становішча сябе. Паважныя адносіны да роднай мовы - гэта паказчык уласнай культуры.Я спадзяюся, што праз стагоддзі родная мова застанецца не ў музеях і кнігах, а будзе жыць ў кожным беларусе, у яго сэрцы і крыві…"

Пераможцамі конкурсу сталі:

1 месца:
1. Кухараў Уладзіслаў, група 811101
2. Марамыгіна Алеся, група 810901
3. Дашчынская Ангеліна, група 810902
4. Баранаў Ягор, група 811101
5. Назаранка Даніла, група 813802
6. Гарохава Кацярына , група 820602
7. Міленцьеў Уладзімір, група 872303
8. Верамейчык Наталля, група 811801
9. Бранцэвіч Аляксандр, група 820604
Конкурс эсэ па беларускай мове
2 месца:
1. Суханаў Станіслаў, група 8112601
2. Седач Аляксандра, група 810902
3. Трэско Дзмітрый, група 810902
4. Ушкалаў Кірыл, група 811101
5. Асяненка Мікалай, група 820604
6. Зінчанка Іван, група 824404
7. Бандарук Ксенія, група 872302
8. Бяленка Аляксей, група 820601
9. Сянько Яна, група 872303
10. Талалаеў Аляксандр, група 872302

3 месца:
1. Кукушкіна Ірына, група 810202
2. Баранава Ганна, група 810902
3. Таболіч Ірына, група 811101
4. Яснюк Уладзіслаў, група 810902
5. Русак Настасся, група 811101
6. Пальчык Антон, група 820601
7. Снежка Уладзімір, група 821701
8. Бычкоўская Ульяна, група 820601
9. Кісялёў Мікіта, група 821702
10. Чалядзінскі Іван, група 820604
Конкурс эсэ па беларускай мове
Напрыканцы хочацца пажадаць усім удзельнікам далейшых перамог у розных мерапрыемствах і конкурсах, як творчых, так і навуковых, шырэйшага раскрыцця сваіх талентаў і здольнасцей! А ўсім нам ніколі не забывацца на запавет нашага беларускага пісьменніка Алеся Ставера:

Да вас звяртаюся, нашчадкі,
Да суйчыннікаў сваіх,
Пакіньце злосць і зайздрасць, звадкі, -
Мы нацярпеліся ад іх.
Любіце травы, дрэвы, рэкі,
Прастор палёў, блакіт нябёс,
Цаніце Працу, Чалавека,-
І Бог вам дасць спагадны лёс.
А каб цанілі вас у свеце,
(Я лепшых слоў не падбяру),
Шануйце дзіва на планеце -
Святую нашу Беларусь.
І мову Коласа, Купалы
Вы беражыце з роду ў род,
Каб наша воля не прапала,
Каб не загінуў наш народ.